ПРЕСС-ЦЕНТР

"Кліч Палесся": тое, што нас яднае

ПРЕСС-ЦЕНТР

"Кліч Палесся": тое, што нас яднае
15 августа 2026
931
Жнівень – месяц падзейнага турызму і ён дазваляе апынуцца ў атмасферы самых розных мерапрыемстваў: фестываляў, святаў, спартыўных і іншых цікавых падзей. Адно з такіх мерапрыемстваў на Гомельшчыне – ІХ Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», які з’яўляецца ўнікальнай падзеяй. Мы далучыліся да яго і сталі удзельнікамі вялікага свята беларускай культуры.

У п.Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў фестывальных мерапрыемствах прынялі ўдзел творчыя калектывы, майстры і рамеснікі з Прыпяцкага Палесся: 8 раёнаў Гомельскай (Жыткавіцкі, Ельскі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Хойніцкі) і 4 раёны Брэсцкай (Іванаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі, г.Пінск) абласцей. Жаночы вобраз стаў галоўнай тэмай фестывалю. «Сэрца Палесся ў жаночых далонях» – кожны з раёнаў-удзельнікаў прадставіў тыя жаночыя вобразы, якімі яны па-сапраўднаму ганарацца – гістарычныя і сучасныя асобы, якія пакінулі яскравы след у культуры, літаратуры і мастацтве.

Праграма свята была вельмі насычанай, яскравай і разнастайнай: адбыўся конкурс прыгажосці «Палеская Прыгажуня - 2026», канцэртна-гульнявая праграма аўтэнтычных і фальклорных калектываў Беларусі і Расіі «ФолькФэст», вячэрняя маладзёжная танцавальна-забаўляльная праграма «КаверХорШоу». Прыемна адзначыць, што і светлагорцы сталі актыўнымі ўдзельнікамі свята: узорны харэаграфічны ансамбль «Ранак» ДШМ звонка і ўдала выступіў на галоўнай сцэне падчас урачыстага адкрыцця.

На працягу дня на ўсёй тэрыторыі працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі з майстар-класамі ад рамеснікаў і майстроў, палявы кінатэатр, праходзілі творчыя сустрэчы з пісьменнікамі, дыялогавыя пляцоўкі, конкурсы, выставы і яшчэ шмат чаго цікавага. І ўсё гэта – у суправаджэнні звонкай песні, каларытных танцаў, народных абрадаў. Нельга не адзначыць непаўторную беларускую кухню, якую можна было паспрабаваць і атрымаць цікавыя гастранамічныя ўражанні.

Завяршылі праграму мерапрыемстваў этнакультурнага фестывалю яркі маляўнічы феерверк і лазернае шоу на вадзе.
У куток самабытнай культуры ў Ляскавічах у гэтым годзе пачуць кліч продкаў прыехалі больш 55 тыс. гасцей. І становіцца відавочным, што ён сапраўды стаў самым народным.