Год беларускай жанчыны – добрая нагода ўбачыць галоўнае: сёння жанчыны не проста ўдзельнічаюць у культурным жыцці, а шмат у чым яе вызначаюць. Яны ўзначальваюць тэатры і музеі, курыруюць выставачныя праекты, ствараюць шэдэўры... Давайце бліжэй пазнаёмімся з яркімі прадстаўніцамі мастацтва, імёны якіх трэба памятаць.
Хелена Скірмунт (1827 - 1876)
Хелена Скірмунт была таленавітай мастачкай і скульптарам. Яна нарадзілася ў 1827 г. на Піншчыне ў радавым маёнтку Калоднае, які належаў старажытнаму шляхецкаму роду Скірмунтаў. Яе маці была роднай сястрой Напалеона Орды, музыканта і мастака.
Дзяўчынка была жаданым і каханым дзіцем у сям'і. Мастацкія здольнасці выявіліся, калі Хелене было 4 гады. Аднак шчасце азмрочвала хвароба вачэй, якая праявілася з нара-джэння і праследвала яе ўжо ўсё жыццё.
Хелена вучылася жывапісу ў вядомага віленскага пейзажыста Вінцэнта Дмахоўскага. Падарожнічала па Еўропе, дзе таксама знаходзіла настаўнікаў. Пасля яе захапіла скульптура. Варта адзначыць, што ў тыя часы словазлучэнне «жанчына-скульптар» нават гучала дзёрзка. Хелена ўсё ж пачала ляпіць. Адна з самых вядомых яе работ – шахматны набор, у якім у ролі фігур выступаюць гістарычныя персанажы.
І можа, талент Хелены Скірмунт знайшоў бы яшчэ больш увасабленняў, калі б яна жыла ў іншы час. Аднак у 1863 г. пачалося паўстанне, у якім мастачка і яе муж, вядома ж, прынялі ўдзел. А далей іх чакалі бясконцыя высылкі: спачатку – Тамбоў і Кастрама, затым – Крым. У апошняй Хелена цяжка захварэла і ва ўзросце 46 гадоў пайшла з жыцця. Яе прах перавезены на радзіму ў Пінск, магіла захавалася і да нашых дзён.
Алена Кіш (1889 - 1949)
Нарадзілася Алена Кіш у Слуцкім павеце Мінскай губерніі ў шматдзетнай сям'і. Бацька яе быў цесляром, майстраваў мэблю і часам размалёўваў яе. Мастацтвазнаўцы лічаць, што менавіта ў бацькі яна навучылася майстэрству малявання. У сталыя гады яна, як і Язэп Драздовіч, хадзіла па вёсках і прапаноўвала сялянам намаляваць кілімок на замову. Яе не абышлі бокам ні беднасць, ні голад, ні праблемы асабістага жыцця. Яна ніколі не была замужам, не мела дзяцей і свайго абжытага вугла, шмат вандравала, набыла рэпутацыю дзівачкі і памерла пры трагічных абставінах.
Алена Кіш – стваральніца ўнікальнага выяўленчага жанру аўтарскага размаляванага дывана, мастачка-самародак з асаблівым бачаннем свету. Такіх называюць наіўнымі мастакамі, прымітывістамі, інсітнымі творцамі. Яе размаляваныя дываны – паўрэальныя, паўфантастычныя творы, напоўненыя яркімі фарбамі, казачнымі героямі, народным каларытам і займальным апавяданнем.
Мастачка працавала непасрэдна ў доме заказчыка, малявала хутка і ўпэўнена. Цана дывана яе аўтарства была невысокай – мяшок бульбачкі. Сёння ж кожны яе твор – на вагу золата.
Упершыню работы Алены Кіш шырокая публіка ўбачыла ў 1978 г. у Мінску на рэспубліканскай выставе ў Палацы мастацтваў. Сёння ў фондах гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе» захоўваецца самая вялікая калекцыя размаляваных дываноў (больш за 180 штук), сярод якіх і работы мастачкі Кіш. З 300 работ, якія стварыла за сваё жыццё ўнікальная жанчына, да нас дайшло толькі 12.
Сёння імя гэтай мастачкі на слыху. Яе творчасцю натхняюцца сучасныя дызайнеры, маладыя мастакі бяруць за аснову сваіх работ творы яе аўтарства, у Мінску адбылася прэм'ера спектакля, прысвечанага Алене Кіш.
Надзя Лежэ-Хадасевіч (1904 - 1982)
Дзяўчына з вёскі Асецішча (Віцебская губерня) даказала, што мары здзяйсняюцца, калі для іх рэалізацыі прыкласці намаганні. Надзея вельмі любіла маляваць і верыла, што калі-небудзь будзе тварыць у Парыжы. Бацькі ж захапленне дачкі лічылі марным марнаваннем часу і нават запрашалі знахарку, каб выгнаць дэманаў.
Надзея з'ехала ў Смаленск, затым – у Варшаву, дзе выйшла замуж, і ўжо з мужам пераехала ў Парыж. У горадзе мары яе чакалі развод, праца прыслугай, безграшоўе. Але мастачка бліскуча вытрымала ўсе выпрабаванні.
Яе талент заўважыў Фернан Лежэ (французскі жывапісец і скульптар, майстар дэкаратыўнага мастацтва), і яна стала яго вучаніцай.
Падчас Другой сусветнай вайны Надзея Хадасевіч днём выкладала ў акадэміі, а ўначы па горадзе расклейвала лістоўкі – яна была актыўнай удзельніцай французскага Супраціву. Яе настаўнік з'ехаў у Амерыку, але пасля заканчэння вайны вярнуўся ў Парыж. Неўзабаве ён аўдавеў, і новай яго жонкай стала Надзея. Нажаль, шчасце было нядоўгім. У хуткім часе мэтр пайшоў з жыцця, адпісаўшы ўсю сваю творчасць каханай жонцы.
Надзея Хадасевіч вельмі баялася, каб карціны не разышліся па руках калекцыянераў. У 1960 г. у мястэчку Б'ёце яна адкрыла музей імя Фернана Лежэ. Сама мастачка працягвала працаваць, асабліва яскрава яе талент выявіўся ў манументальным мастацтве.
Мазаічныя партрэты Надзеі Хадасевіч-Лежэ да гэтага часу выстаўляюцца ў многіх галерэях свету. За ўдзел у развіцці франка-савецкіх адносін яна ўдастоена ордэна Ганаровага легіёна Францыі і ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Алена Аладава (1907 - 1986)
Алена Аладава (у дзявоцтве Пук) нарадзілася ў Пружанах у сям'і настаўнікаў. Маці памерла ў 1925 г. Бацька Васіль Ісаевіч працаваў інспектарам Парыцкага павета Бабруйскай акругі, пазней у Жлобіне – намеснікам загадчыка чыгуначнай школы-дзевяцігодкі.
Пытанне аб прафесіі перад маладой дзяўчынай не стаяла: яна выбрала педагогіку і стала адной з першых студэнтак адкрытага ў 1921 г. Белдзяржуніверсітэта. Вучылася і адначасова падзарабляла ў Беларускім дзяржаўным музеі ў якасці ілюстратара, наведвала вячэрнюю рабочую студыю пры Доме мастака ў Мінску. З гэтых наведванняў і пачалося сур'ёзнае захапленне выяўленчым мастацтвам. У 1925 г. Алена паспрабавала сябе ў якасці экскурсавода і кансультанта на першай Усебеларускай мастацкай выставе, пачала працаваць і як мастацтвазнаўца.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Алена выйшла замуж за кампазітара Мікалая Аладава, нашчадка старога пецярбургскага дваранскага роду. Ён быў запрошаны ў Беларусь і стаў адным з арганізатараў і першых выкладчыкаў Беларускай кансерваторыі.
У 1937 г. Алена Васільеўна працавала навуковым супрацоўнікам групы па стварэнні першай у Беларусі Дзяржаўнай карціннай галерэі, якая адкрылася ў 1939 г. Да гэтага часу ўжо вучылася на завочным аддзяленні мастацтвазнаўства Інстытута філасофіі, літаратуры і мастацтва ім. Н.Чарнышэўскага ў Маскве, але скончыць яго не паспела. Пачалася вайна...
У гады Вялікай Айчыннай вайны Аладава ў Саратаве працавала намеснікам дырэктара па навуковай рабоце і адначасова была галоўным захавальнікам Дзяржаўнага мастацкага музея імя А.Радзішчава. У 1944 г. прыняла ўдзел у працы Камісіі па стратах, нанесеных нямецка-фашысцкімі захопнікамі музеям БССР. Тады ж яна атрымала прапанову ўзначаліць новы перспектыўны Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, але вярнулася ў карцінную галерэю.
У разбураным Мінску абодва музэі мясціліся ў адным будынку – былым Доме прафсаюзаў на плошчы Свабоды. Тут жылі і іх супрацоўнікі, у тым ліку сям'я Аладавых з двума дзецьмі. Тады складана было ўявіць, што на гэтым сціплым пятачку вырасце найбуйнейшы пасля маскоўскага, ленінградскага і кіеўскага мастацкі музей Савецкага Саюза.
Калекцыянаванне стала сэнсам жыцця Аладавай. Паступова і сярод калекцыянераў яна набыла добрую рэпутацыю. Часам, перш чым прапаноўваць шэдэўры «Траццякоўцы», ленінградскія і маскоўскія калекцыянеры клікалі да сябе мінскую госцю. Дзякуючы яе нястомным пошукам галоўны мастацкі музей краіны фактычна аднавіў разрабаваную ў 1941 г. калекцыю. Акрамя ўнікальнага збору рускага жывапісу, музей мае багатую калекцыю заходнееўрапейскага і ўсходняга мастацтва. Таксама ўдалося сабраць цудоўную калекцыю сучаснага і старажытнабеларускага мастацтва. Яшчэ ў 1948 г. Алена Васільеўна вярнула з Саратава карціны Ю.Пэна. Сярод каштоўных набыткаў – карціны вядомых беларускіх мастакоў: І.Аляшкевіча, А.Гараўскага, І.Хруцкага, С.Жукоўскага і інш. Менавіта Аладавы музей абавязаны найбагацейшай спадчынай У.Бялыніцкага-Бірулі.
Пры ёй музеем было праве-дзена 30 экспедыцый, абследавана больш за 700 касцёлаў і цэркваў заходніх раёнаў Беларусі. З падзямелля гродзенскага брыгіцкага манастыра дырэктар сама выцягвала напаўзгнілыя, сточаныя жукамі абразы XVII ст., у Дрысвятах знайшла цудам уцалелыя слуцкія паясы, у Пружанскім раёне – саламяная царская брама і разны іканастас. Цяпер усё гэта – нацыянальная гісторыка-культурная спадчына.
У пачатку 1950-х Аладава дабілася будаўніцтва для мастацкай галерэі асобнага памяшкання па вуліцы Леніна. Гэта быў першы будынак у СССР, пабудаваны спецыяльна для музея. У 1957 г. на базе карціннай галерэі быў створаны Дзяржаўны мастацкі музей БССР, які яна ўзначальвала да 1977 г., а потым некаторы час была яго навуковым кіраўніком. Фонд музея, адноўлены намаганнямі мастацтвазнаўцы, у 1977 г. налічваў больш за 15 000 экспанатаў.
Лёс Алены Аладавай – абсалютна ўнікальны выпадак. Па-першае, таму што практычна ў адзіночку ёй удалося аднавіць разрабаваную ў гады вайны карцінную галерэю БССР, сабраць столькі шэдэўраў, што яшчэ пры яе жыцці пра беларускую музейную калекцыю жывапісу загаварылі як пра найбагацейшую ў Еўропе. Аладава знаходзіла ўнікальныя палотны ў самых нечаканых месцах; часта траціла на карціны свой заробак, на вока беспамылкова вызначаючы іх сапраўднасць; заводзіла сяброўства з нашчадкамі былых арыстакратаў і знакамітасцямі, захопленымі выяўленчым мастацтвам. Па-другое, унікальным з'яўляецца і асабістае жыццё Алены Аладавай, якую лёс звязаў з такім таленавітым кампазітарам, як Мікалай Аладаў.
Нінэль Шчасная (1933 - 2013)
Нінэль Шчасная нарадзілася ў 1933 г. ў Полацку. Такое цікавае імя мастачка атрымала ў гонар Леніна (калі прачытаць наадварот). Тройчы сям'я пачынала жыццё з нуля, бацька не раз трапляў пад падазрэнне ў нацдэмаўшчыне. У канцы 1930-х і пачатку 1940-х яго спрабавалі забраць «людзі з Масквы». Увесну 1941-га адправілі на зборы ў Брэсцкую крэпасць, аднак з прычыны дрэннага здароўя ён быў вымушаны вярнуцца дадому.
З-за вайны ў школу Нінэль пайшла на год пазней. Яна ўвесь час малявала. Многія кнігі з татавай бібліятэкі былі страчаны. Атрымалася захаваць толькі тое, да чаго не маглі прычапіцца, - поўныя выданні Байрана, Шылера, Шэкспіра. У іх былі неверагодныя гравюры. Нела разглядала іх, а потым перамалёўвала – так і вучылася.
Разам з гэтымі выявамі яна пайшла ў мінскі Палац піянераў, прынесла свае малюнкі свайму першаму настаўніку мастаку Сяргею Каткову. Пасля сямі класаў яна паступіла ў вучылішча, а потым у Акадэмію мастацтваў у Ленінградзе на факультэт жывапісу.
Нінэль Шчасная была разнапланавай мастачкай. Завошта б ні бралася – усё ў яе атрымлівалася. У станковым жывапісе працавала ў жанры партрэта, пейзажа. Афармляла інтэр'еры ў Душанбэ, выканала роспіс фасада навукова-даследчага інстытута і ў мінскай кавярні «Планета». Захаплялася кніжнай графікай.
Усё жыццё яна даказвала, што мастакамі могуць быць не толькі мужчыны. Даказвала цяжкай працай. Часам бралася за рэчы, якія фізічна было цяжка выканаць. Напрыклад, калі рабіла вітражы, сама ездзіла ў Бярозу, канструявала формы, залівала шкло. Вакол сябе Нінэль стварала шмат мітусні, яна любіла пайсці і паваяваць. Мусіць, за гэта мастакі-мужчыны яе не вельмі любілі.
P.S. Беларускія жанчыны вартыя павагі – і гэта не пустыя словы. Гэта рэальныя заслугі, правераныя часам і вымераныя справамі і ўчынкамі.